Кніга месяца ў дзіцячай бібліятэцы
Ліпскі, У. С. Азбука жыцця : кніга для дзяцей / Уладзімір Ліпскі. – 2-е выд., перапрацаванае і дапоўненае. – Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2025. – 248 с. : іл.

Аўтар: Уладзімір Ліпскі
Жанр: пазнавальная літаратура
Выдавецтва: Адукацыя і выхаванне
Год выдання: 2025
Рэкамендацыйны ўзрост: 6+
Аб аўтары
Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі – беларускі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч, старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці. Член Саюза пісьменнікаў СССР, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Уладзімір Ліпскі нарадзіўся 6 мая 1940 г. у вёсцы Шоўкавічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1960 г. скончыў Мінскі тэхнікум харчовай прамысловасці. У 1960-1964 гады пасля заканчэння тэхнікума працаваў на Гарадзейскім цукровым заводзе (слесар, старшыня прафсаюзнага камітэта).
У 1966 годзе скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. Працаваў у нясвіжскай раённай газеце, пасля першым сакратаром Нясвіжскага райкама камсамола, у 1968-1976 – у апараце ЦК ЛКСМБ, у 1976-1978 – адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларускай ССР.
З 1978 года – галоўны рэдактар беларускага дзіцячага часопіса “Вясёлка”. У рэспубліканскім друку выступае з 1964 года.
У 1971 годзе выйшла яго першая кніга публіцыстыкі “Райкамаўскай будні”. Пасля выйшлі кнігі публіцыстыкі “День за днём”, “Знайдзі сябе”, “Якое яно, шчасце?”, кніга-нарыс “Прыдзвінскі цуд”, “Падкідыш” і іншыя.
Уладзімір Ліпскі стаў вядомы перш за ўсё як аўтар такіх дзіцячых кніг, як “Рыгоркавы прыгоды”, “Марынчына казка”, “Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска”, “Як Бог стварыў свет”, “Наша Маша” і іншыя.
Пісьменнік дасканала валодае жанрам казкі, умее спалучыць казачнае і рэальнае. Вынаходзіць арыгінальныя займальныя сюжэты, гульні, у працэсе якіх малыя вучацца думаць, фантазаваць, самастойна тварыць, адчуваць прыгожае. Многія творы пісьменніка інсцэніраваны, гучаць па радыё. Творы Уладзіміра Ліпскага змешчаны ў шматлікіх калектыўных зборніках, школьных падручніках, перакладаліся на рускую, украінскую, літоўскую і нямецкую мовы.
Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі – Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра, Васіля Віткі і Аляксандра Грына, Міжнароднай прэміі Альберта Швейцара. За поспехі ў галіне духоўнага адраджэння і журналістыкі адзначаны спецыяльным дыпломам “Чалавек года – 95”.

Аб кнізе
“Азбука жыцця” – гэта пазнавальная кніга для дзяцей і падлеткаў, якая ў займальнай форме тлумачыць асновы маралі, гісторыі і культуры Беларусі.
Кніга пабудавана па прынцыпе азбукі, дзе кожная літара адкрывае новыя паняцці і дамашнія заданні для чытачоў. Кніга адрасавана дзецям розных узростаў. Яна будзе цікавая як малодшым школьнікам, падлеткам, старэйшым вучням, так і настаўнікам, выхавальнікам, бацькам.
Разам з кнігай чытач здзейсніць творчую вандроўку ў гісторыю нашай Айчыны і ў яе сённяшнюю яву, засвоіць складаную і мудрую Азбуку жыцця.
Дзе знайсці:
— філіял “Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка” (вул. Я.Купалы, 1).











