Кніга мая
“Я люблю чытаць!” – скажыце гэтыя словы, каб вашае жыццё напоўнілася цудамі.

Шамякін, І. П. Цуд на краі свету : апавяданні / Іван Шамякін ; [укладальніца А. Спрынчан ; мастак Д. Грабеннікава]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2022. — 38 с. — (Я люблю чытаць).
Аб кнізе
Аўтар: Іван Шамякін
Мастак: Д. Грабеннікава
Жанр: апавяданні
Выдавецтва: Мастацкая літаратура
Год выдання: 2022
Мова: беларуская
Аб’ём: 38 с.
Рэкамендацыйны ўзрост: 6+ (1-4 кл.)
Аб аўтары
Перш чым стаць добрым спецыялістам, трэба стаць чалавекам. Проста чалавекам. Праўдзівым, шчырым…
І. Шамякін.

Імя народнага пісьменніка Iвана Пятровіча Шамякіна добра ведаюць і любяць чытачы. Гэта народны пісьменнік Беларусі, адзін з класікаў айчыннай літаратуры.
На жыццё Івана Шамякіна прыпала Вялікая Айчынная вайна, змены і многія падзеі ў грамадстве. Ён прайшоў шлях ад вясковага падлетка, сына лесніка да знакамітага пісьменніка. За шматгадовы творчы шлях Іван Пятровіч напісаў болей за 130 твораў, якія выходзілі тыражом у 25 мільёнаў.
Кожны яго твор такі рэалістычны, нібы падгледжаны ў жыцці, з сучаснымі праблемамі, канфліктамі, інтрыгамі. Кнігі пісьменніка прасякнуты дабрынёй і любоўю да чалавека.
Сучасныя чытачы з жывым інтарэсам паглыбляюцца ў мастацкі свет твораў, ужо ў назвах якіх адчуваецца клопат пісьменніка пра чалавека і грамадства ўвогуле: “Крыніцы”, “Сэрца на далоні”, “Вазьму твой боль”, “Злая зорка” і іншыя.
Аб чым кніга?

На старонках зборніка апавяданняў класіка беларускай літаратуры Івана Шамякіна “Цуд на краі свету” вы знойдзеце ўспаміны аўтара пра сваё маленства, а таксама смешныя гісторыі пра яго ўнукаў. Пісьменнік з такім цяплом і замілаваннем апісвае дзіцячае светаўспрыманне, што гэтае пачуццё несумненна перадасца і чытачу. Жыццё вясковага хопчыка поўнае радасцяў і захапленняў, выпрабаванняў і цяжкасцяў.

Чым жылі тагачасныя дзеці, якія прыгоды сустракаліся на іх шляху, і што для іх здавалася сапраўдным цудам? Зазірнуць у гэты свет сучасным дзецям будзе пазнавальна і цікава.

Дзе ж «край свету»? Ці можа быць сяброўкай карова? Як гуляе воўк у «жмуркі»?
На гэтыя і іншыя пытанні вы атрымаеце адказы ў кнізе цудоўнага пісьменніка Івана Шамякіна.