Кніга верасня
Цёплае сонечнае надвор’е змянілася восеньскім холадам і дажджамі. І колькі не праглядай прагноз, цяпла больш не абяцаюць. Але і цяперашні прахалодна-дажджлівы сезон рыхтуе нам шмат цікавага. Так, Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка прэзентуе кнігу месяца!

Хадасевіч-Лісавая, К. С. Таямніца незвычайнай школы : казачная аповесць / Кацярына Хадасевіч-Лісавая ; [мастак А. Карповіч]. – Мінск : Звязда, 2018. – 212, [3] с.
Аб кнізе
Аўтар: Кацярына Хадасевіч-Лісавая
Мастак: А. Карповіч
Жанр: казачная аповесць
Выдавецтва: Звязда
Год выдання: 2018
Рэкамендацыйны ўзрост: 6+
Аб аўтары

Кацярына Станіславаўна Хадасевіч-Лісавая – беларуская пісьменніца. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Член рэдкалегій часопісаў«Вясёлка» і «Маладосць». Нарадзілася 24 красавіка 1979 г., у вёсцы Ждановічы Мінскага раёна. Скончыла Ждановіцкую сярэднюю школу, потым Мінскі дзяржаўны педагагічны каледж, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. Жыве ў а/г Ждановічы Мінскага раёна, працуе настаўніцай пачатковых класаў у Ждановіцкай сярэдняй школе.
Першыя творы пісьменніцы з’явіліся ў 10-гадовым ўзросце. Дэбютавала ў друку ў 1996 годзе ў часопісе «Першацвет». Кацярына Хадасевіч-Лісавая працуе пераважна ў галіне дзіцячай літаратуры, але ёсць творы і для дарослых. У творах Кацярыны часта сустракаюцца касмічныя сюжэты. Друкавалася ў часопісах «Вясёлка», «Бярозка», «Качели», «Маладосць», «Нёман», «Родная прырода», газетах «Літаратура і мастацтва», «Мінская праўда», «Настаўніцкая газета», «Прысталічча» і інш. Творы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой выходзілі ў калектыўных зборніках.
Аб чым кніга?
Казачную аповесць “Таямніца незвычайнай школы” аўтар прадстаўляе так:
“Паважаны чытач, табе адкрываецца сакрэт… Ведай, гэтая кніга ні да каго не трапляе выпадкова! І той чалавек, у якога яна цяпер у руках, – асаблівы, бо атрымаў запрашэнне ў дзівосны свет казачных прыгод. Перанесціся ў яго можна толькі адным спосабам – пачаць чытаць…»

“Ну што асаблівага можа быць у школьным жыцці?”
– спытаеце вы ў аўтара. Настаўнікі, урокі, перапынкі, навучальны год, канікулы… Здавалася б, пра школу мы ведаем усё. А вось і не!
Кніга Кацярыны Хадасевіч-Лісавой распавядае пра той бок школьнага жыцця, аб існаванні якога ніхто нават не здагадваецца! Што адбываецца, калі ўсе дзеці і настаўнікі разыходзяцца па дамах? Якую таямніцу захоўваюць школьныя кабінеты і калідоры? Хто жыве ў адной, з выгляду самай звычайнай, школе? А магчыма, не толькі ў ёй…
Калі хочаце пабачыць усё на свае вочы, паглыбляйцеся ў сюжэт, падключайце фантазію – і ўсё таемнае стане відавочным.