Кніга жніўня
Няўмольна сыходзіць лета, і таму імкнешся яшчэ крыху ўхапіць яго і насалодзіцца цёплымі дзянькамі, што шчодра дорыць самая любімая з дзяцінства пара года. Добра гэта рабіць часам з кнігай у руках у якім-небудзь утульным месцы…
Дзіцячая бібліятэка прадстаўляе кнігу жніўня:

Якімовіч, А. Эльдарада просіць дапамогі : прыгодніцка-фантастычная аповесць, аповесці-казкі, вершы / Аляксей Якімовіч. — Мінск : Беларусь, 2023. — 485, [2] с.
Аб кнізе
Аўтар: Аляксей Якімовіч
Жанр: прыгодніцка-фантастычная аповесць, аповесці-казкі, вершы
Выдавецтва: Беларусь
Год выдання: 2023
Мова: беларуская
Рэкамендацыйны ўзрост: 6+
Аб аўтары

Аляксей Мікалаевіч нарадзіўся 15 кастрычніка 1949 года ў вёсцы Парэчча Слонімскага раёна. Вучыўся ў Парэцкай школе. Скончыў філфак (беларускае аддзяленне) БДУ. Настаўнічаў на Слонімшчыне, працаваў арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы ў Жыровіцкай сярэдняй школе, дырэктарам Дзеравянчыцкай школы. З 1982 — выхавацель групы падоўжанага дня, з 1983 — настаўнік Касцянёўскай няпоўнай сярэдняй школы. З 1990
— член Саюза Пісьменнікаў СССР. З 2008 года — член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Аляксей Мікалаевіч вядомы як аўтар казачных і фантастычных твораў для дзяцей. Таксама піша на гістарычныя тэмы, займаецца падрыхтоўкай метадычнай літаратуры для настаўнікаў і бацькоў.
Творчасці Аляксея Якімовіча ўласціва тонкае адчуванне духоўнага свету і псіхалогіі дзяцей. Не гледзячы, што творы пісьменніка розных жанровых форм, яны напоўненыя пазнавальным зместам, здольныя выклікаць цікавасць, узбагачаць інтэлектуальна, выхоўваць лепшыя чалавечыя якасці.
Аб чым кніга?
У аповесці «Эльдарада просіць дапамогі» расказваецца пра сяброў-шасцікласнікаў, якія даведваюцца пра тое, што каля іх вёскі з’явіліся незвычайныя прышэльцы. Сябры знаходзяць у рэчцы прыбітую да берага бутэльку з запіскай: «Людзі, дапамажыце нам! Вас просяць жыхары Эльдарада…» Ці маглі дзеці застацца безуважнымі да чужой бяды?

Як высвятляецца ў сюжэце, у экстрэмальных сітуацыях можа спатрэбіцца не толькі веданне «дакладных» навук — матэматыкі ці фізікі, але не менш карысным бывае і добрае веданне мовы і літаратуры.
У кнізе таксама змешчаны аповесці-казкі і вершы.
