Кніга ліпеня
Многія хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмы з гераіняй твораў Алеся Марціновіча сабачкай Альмай. Палюбілі і яе сяброўку котку Лізу. А даведаліся дзеткі пра іх нямала цікавага і незвычайнага з кніжак «Альма. Прыгоды на зямлі і ў космасе» і «Ліза — пераможца тыгра». Сабачка Альма аўтару «дапамагала» пісаць кнігу «Оленёнок Саша и другие сказки», падказваючы, пра што яшчэ можна расказаць. І раптам адбылося нечаканае: Альме самой захацелася пісаць казкі. Гэтым жаданнем яна і падзялілася з Алесем Андрэевічам. Як быццам зрабіць гэта не так і цяжка.

Марціновіч, А. Казкі сабачкі Альмы : [для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту] / Алесь Марціновіч ; [мастак В. Жук]. – Мінcк : Беларусь, 2022. – 109, [2] с.
Аб кнізе
Аўтар: Алесь Марціновіч
Мастак: Віялета Жук
Жанр: казкі
Выдавецтва: Беларусь
Год выдання: 2022
Мова: беларуская
Рэкамендацыйны ўзрост: 6+
Аб аўтары

Марціновіч Алесь (Аляксандр Андрэевіч) – беларускі пісьменнік, крытык, літаратуразнаўца, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь.
Аўтар больш як 30 кніг, у тым ліку выданняў па гісторыі для дзяцей, казак, літаратуразнаўчых даследаванняў. Вяршыняй творчасці з’яўляецца шматтомная гісторыя Беларусі ў асобах, у якіх упершыню ў беларускай літаратуры праз жанр мастацка-дакументальных твораў (эсэ, нарыс, апавяданне) прасочаны лёсы больш як 300 знакамітых суайчыннікаў, а таксама тых, хто нарадзіўся ў іншых краінах, але звязаў лёс з беларускім краем.
Аб чым кніга?
Усе гэтыя гісторыі прамаўляе сабачка – адна з тых, каго па праве мы лічым сапраўдным сябрам чалавека. Гісторыі, з якімі яна знаёміць, адна адной займальней. Вось, якія цікавы казкі Вас чакаюць у кнізе.
Кніжку напісала… сабачка
Цюлень Цёпа — герой Крайняй Поўначы
На арэлях з сонечных промняў
Эх, запрэка! Ды мышыная
Драбок Дарынка
«Птушачкі» ў акварыуме
Скакунчык, ён жа Заяц — Плясь-Нага
Як воўк Плакса ваўком Сябрукоў стаў
Кніжка цікавая не толькі сваёй пазнавальнасцю, але і даходлівасцю выкладання матэрыялу. Сабачка Альма дзеліцца сваімі ўражаннямі, развагамі і вельмі радуецца, калі што-небудзь у тых, пра каго яна расказвае, атрымліваецца. Яна яшчэ спадзяецца сустрэцца з юным чытачом.

Хто ведае, калі яна прадоўжыць гэтую кнігу. Котка Ліза любіць пакпіць з Альмы, і мне здаецца, што яна, пазнаёміўшыся з гэтым гісторыямі, усміхнулася: «Пакуль, Альмуша, ты будзеш думаць-гадаць, сама вазьмуся сваю кніжку пісаць». Што ж, застаецца пачакаць, хто з іх першы спраўдзіць абяцанае.